Сёння ў нас нешта незвычайнае. Прасякнутае рамантыкай ды смакам да жыцця, а яшчэ цёплым гучаннем роднай мовы, якая ў наш час асабліва грэе. Нашай гераіні Настассі Андрэевай усяго дваццаць гадоў. Яна палачанка, але зараз вучыцца на лекара ў Віцебску, ужо на чацвёртым курсе. Пра сябе Насця кажа, што па жыцці займаецца ўсім – працяглы час гэта быў конны спорт, а яшчэ самыя розныя падарожжы і музыка (грае на гітары, барабанах і клавішах). Увогуле наша гераіня той чалавек, за знешняй крохкасцю якога хаваецца ўх якая моцная натура ды сталёвы, быццам бы, характар.
Нядаўна яна вярнулася з горнага выпрабавання, і мы вырашылі, што толькі яе інстаграм-старонкі мала для расповеда аб вандроўцы. Далучайцеся ды смакуйце – гэта сапраўды цікава.
Кацярына Іванова
Пра маршрут, моманты, калі можна зляцець і "ўсё" і ўвогуле пра горы як ёсць
– Адкуль увогуле тэма гор? З чаго ўсе пачалося?
– Тры гады таму я даведалася, што ў Менску ёсць такі Сяргей Дзмітрыевіч Велікан, які займаецца горным турызмам больш за 50 год. Штогод ён водзіць маладых і не вельмі маладых рабят у горныя паходы. Інфармацыя распаўсюджваецца як праз інтэрнэт-рэсурсы, так і паміж сабой – тыя, хто хадзіў раней, збіраюць іншых, такім чынам і набіраецца кампанія. Паходы – гэта не проста сабраліся і пайшлі, гэта спартыўныя горныя катэгарыйныя паходы.
– Гэта альпінізм?
– Горныя турысты – гэта не альпіністы, яны не ходзяць на гару, яны ходзяць па горным хрыбтам, па перавалам. І катэгорыя вызначаецца, у тым ліку, і тым, якое абсталяванне выкарыстоўваецца. Я даведалася пра паход ад сяброўкі, збіралася яшчэ ў мінулым годзе, але праз сітуацыю з каранавірусам не атрымалася. А ў гэтым годзе сабралі каманду і пайшлі ў паход першай катэгорыі складанасці. І хаця ў групе ёсць вопытныя рабяты, усё ж трэба з чагосьці пачынаць, адразу браць вялікія вышыні мы не можам.
– Раскажы пра лагістыку і пра маршрут.
– Стартавалі мы з розных гарадоў Беларусі, сустракаліся ўжо ў Маскве. З Масквы мы рухаліся ў бок Нявіннамыска, гэта горад на Заходнім Каўказе. Адтуль мы рухаліся ў бок горнага пасёлка Учкулан (1000 м над узроўнем мора), а з Учкулана пешшу ішлі па нашаму маршруту. Ён быў складзены праз чатыры даліны, якія ўтвараюць горныя сістэмы.
Даліна Чырынкол і Узункол ідуць уздоўж рэк, якія ўпадаюць у раку Кубань. Першы перавал быў Вольны вецер (3500 м): у першы дзень мы падыходзілі да перавала па далінам, другі дзень – падымаліся на перавал, трэці дзень – падымаліся на яшчэ 400 м і спускаліся да 2000 м, то бок адразу скідвалі вышыню на 1500 м. Далей у нас быў дзень перапынку, потым ішлі на перавал Мао (3400 м), ён таксама знаходзіцца ўздоўж ракі Кубань. А яшчэ там мяжа з Грузіяй, таму мы трошку пахадзілі і па грузінскай тэрыторыі, пазнаёміліся с мясцовымі памежнікамі. І зноў па той жа схеме, як і з першым перавалам.
А ў апошні дзень прайшлі 25 км, дайшлі да нашай першапачатковай кропкі Учкулан. Атрымаўся ў нас радыальны паход: гэта калі ты стартуеш з адной кропкі, праходзіш круг і вяртаешся туды ж. А потым зноў у Нявіннамыск, адкуль рабяты паехалі ў Беларусь, а я паехала падарожнічаць далей па Расіі.
– Адна?
– Адна. Такі ў мяне быў план. У мяне сваякі жывуць у Есентуках, і таму, калі я ўжо выбралася за мяжу Беларусі, трэба ж зрабіць "кругасветку" па Расіі. За пяць дзён я праехала шэсць гарадоў – Есентукі, Пяцігорск, Кіславодск, Мінеральныя воды, Жалезнаводск і Лермантава. Далей я паехала на некалькі дзен на бераг Чорнага мора, з’ездзіла ў Геленджык, адтуль вярнулася ў Есентукі. А потым я вырашала паехаць у Растоў, а потым яшчэ ў Таганрог. Цікавы факт – мне трэба было паўтары гадзіны ехаць у Таганрог з Растова, каб паўгадзіны паглядзець на бераг Азоўскага мора, і потым зноў паўтары гадзіны ехаць у Растоў.
– Ашалець. Але працягнем. Вось скажы, усе было, як ты ўяўляла? Горы такія горы?
– Калі мае сябры, якія ўжо хадзілі ў горныя паходы, расказвалі мне пра іх, у мяне склаліся думкі, што я магу рэальна адтуль не вярнуцца. Бо гэта небяспечна. І сапраўды, у мяне былі такія моманты, калі можна было паляцець уніз. Наш кіраўнік нас таксама папярэджваў, што ўсё гэта сур’ёзна і здараецца рознае. Мае рабяты казалі, што калі ішлі, думалі: "Божа, навошта я сюды іду, лепш бы дома сядзеў, любаваўся роднымі азёрамі і рэкамі, якія там горы". Але я добра разумела, што гэта складана, і ў мяне не было ніводнага разу, калі б я засумнявалася ці расчаравалася.
Я была маральна падрыхтавана да таго, што гэта будзе. Але я не была падрыхтавана да маштабаў! Гэта сапраўды неверагодна складана. І ўсе ж калі ты разумееш, куды ты ідзеш, навошта ты ідзеш – гэта варта таго, каб жыць. Мы, дарэчы, перарабілі песню Цоя: "горы вартыя таго, каб жыць, а паход варты таго, каб чакаць".
– Складана – гэта, напэўна, не тое слова. Паплакаць хацелася?
– Не, мне не хацелася. Мне пасля першага перавалу (самага складанага для мяне) было так балюча, як ніколі. Ногі збітыя. Нам трэба было падняцца 400 м на гару, на перавал пад нахілам каля 80 градусаў. Камні сыплюцца, усё гэта так страшна выглядае, у цябе яшчэ заплечнік 20 кг, і цябе цягне назад. Ты можаш зрабіць адзін няправільны рух – і ты ўнізе. Усё. І калі потым трэба было спусціцца на паўтары тысячы, а адзін метр уніз гэта, лічы, як дзесяць метраў па раўніне, адразу павялічваецца нагрузка.
Дык вось я, калі ўжо прыйшла, проста звалілася на зямлю, у мяне быў нават істэрычны смех, я не магла супакоіцца. Але хутка ўсё прайшло, бо трэба ж было дзяжурыць па лагеры, карміць каманду – рабят жа галоднымі не пакінеш. Таму хуценька ўзяла сябе ў рукі. А ўвогуле нельга ўявіць маштабаў горнага пахода, калі ты там не быў. Глядзець на горы і хадзіць па іх – абсалютна розныя рэчы. Але скажу і пра "глядзець на горы". Эльбрус я бачыла. Ён 5642 м, мы бачылі яго вяршыні. Рабяты, якія там, якія падняліся на вяршыню, не ўбачаць паўнавартасна, які ён класны, бо ў іх аблокі. А нам было відаць.
Чаму трэніроўкі – гэта армія, а яшчэ пра колу і згушчонку ў гарах ды дзівосныя пачуцці ад крэсла
– Усе разумеюць, што з нуля ў такую вандроўку не пойдзеш. Як трэніравацца?
– Я з дзяцінства займалася спортам – ад біятлона да плавання і коннага спорту, але мяне па-сапраўднаму выратаваў (і гэта не рэклама) фітнэс-клуб PokaBoka і трэніроўкі HIIT ды cross fight ад Васілісы і Канстанціна Крукавых. Рабяты, гэта армія. Гэта складана. Калі ты гадзіну і больш працуеш на поўную. Але гэта тое, што мне дазволіла ісці за кіраўніком, што не кожнаму дазволяць. То бок я выбірала дарогу і задавала тэмп камандзе. Мая задача была – весці групу, выбіраць маршрут, гэта адказная роля. І трэніроўкі ў клубе дазволілі дасягнуць такога выніку і вытрымаць. Калі б не фізічная падрыхтоўка, я б не дайшла дакладна.
– То бок, усім, хто хоча ў горы, трэба трэніравацца сур’ёзна?
– Так, раю сур’ёзна займацца спортам. Прычым, проста бегаць – гэтага недастаткова. Трэба ўводзіць інтэрвальныя трэніроўкі, працаваць з весам і г.д. У наш час усё магчыма, ёсць розныя варыянты. Спорт і фізічная падрыхтоўка – гэта ўсё. Апошні год я трэніравалася, лічы, кожны дзень. Не перабольшваю.
– А раскажы пра побыт. Гэта ж таксама цікава. Што вы там елі, напрыклад?
– У нас у камандзе былі людзі, якія ніколі не ладзілі падарожжы. Але можна навучыцца ўсяму. Хоць я і вопытны турыст, хадзіла раней і ў шматдзённыя конныя паходы, але ж разумела ўсю адказнасць. Усё ж накарміць трэба было трынаццаць чалавек, якім трэба харчавацца, каб выжыць. У кожнага ў камандзе свая роля. Я была, напрыклад, лекарам. Была раскладка меню, у кожнага быў запас: хто нясе кашу, хто сухое малако, хто тушонку і г.д. Гэта вызначалася яшчэ да падарожжа. Быў графік дзяжурстваў той жа. Мне "пашчасціла" дзяжурыць у самыя складаныя дні. А выглядала так: ты павінен устаць за гадзіну да таго, як устане каманда. Рыхтавалі на вогнішчы, ды нават на газавых гарэлках (якія пры нізкай тэмпературы на перавалах проста не грэюць, і прыходзілася вучыцца розным хітрасцям. Прыгатаваць ежу не так складана, як здаецца.
– Напэўна, пераборлівых у гарах няма…
– Калі хочаш жыць, будзеш есць. Магу сказаць, што ў першыя дні сухары разыходзіліся ўсе, за дабаўкай стаялі ўсе. Калі ў нас былі вельмі складаныя часы, наш "масавік" Леша Суднік, вопытны турыст, даставаў "неучтенку" – згушчонку, кетчуп, колу. Гэта проста такое шчасце, калі ты дзесяць дзен еш сухары і соевае мяса, і тут такое. Неверагодныя моманты.
– Я шмат глядзела ды чытала расповядаў альпіністаў пра тое, як яны былі ў экстазе, калі зайшлі ў душ, ці проста ляглі на ложак з бялізнай. Ці былі ў цябе моманты шчасця ад нейкіх звыклых на раўніне рэчаў?
– Самым незвычайным для мяне было сесці на крэсла. Мы спусціліся з гор на турбазу і там кафетэрый. Мясцовая жанчына там рыхтуе хічыны, нешта падобнае на чэбурэкі. І там былі столікі ды крэселкі. Памятаю, як села на яго – такое бязважкае адчуванне, як жа гэта крута! Адзін з самых яскравых момантаў для мяне. Я б, напэўна, яшчэ раз пайшла ў горы, каб проста гэта адчуць.
Пасля спуску з першага перавала ў нас быў вольны дзень, мы прыйшлі на ягадную паляну (рай у гарах), там і маліна, і чарніцы… Побач была горная рачулка, у якой атрымалася памыцца. Адчуванне класнае, калі пасля пяці напружаных дзён ты можаш гэта зрабіць, нават вадой, якая добра калі пяць градусаў. Гэта варта таго.
Пра "ўсё валіцца з-пад ног", неверагодных бацькоў і падлік грошаў
– Пойдзеш яшчэ ў горы?
– Пайду. Гэтае жаданне ў мяне з’явілася ўжо там, калі мы нават яшчэ не спусцілілся.
– Калі ў Джорджа Мэлары запыталіся, чаму вы ідзеце на Эверэст, ён адказаў культавае "таму, што ён ёсць". А чаму ў горы ідзе Насця Андрэева?
Каб сябе выпрабаваць.
– То бок, яшчэ не выпрабавала?
– Не. Мне цікава, дзе тая кропка, дзе ёсць мая вышыня. Я чалавек, якому заўсёды трэба нешта дасягаць. Не магу сказаць, што вось сёння я паднялася на перавал 3500 м, ды я малайчына. Нічога не малайчына. І нават у момант, калі ўсё валіцца з-пад ног, і я амаль што не падаю, я ўжо хачу наступны і больш складаны перавал. Я не хачу спускацца, мне патрэбны выпрабаванні.
– А не страшна?
– Я пра гэта не думаю. Думаю, пра тое, што дома мяне чакаюць бацькі, якія мне бязмежна давяраюць, мае сябры і блізкія, якім будзе без мяне дрэнна. Не маю права не вярнуцца.
– Пра бацькоў спытаюся. Дзе ўзяць такіх бацькоў, якія адпусцяць сваю дачушку чорт ведае куды? Ну калі так ужо, гаварыць эмацыйна…
– Такіх бацькоў няма, напэўна, сапраўды. Яны мяне шаснаццацігадовую адну адпусцілі ў Маскву, на кватэрнік "Ночных снайперов". У мяне не было там ні інтэрнэту, ні сяброў, якія б дапамаглі. Але бацькі ведалі, што для мяне гэта важна, і калі я не паеду, магу страціць нешта такое, чаго больш у жыцці маім не будзе. Я ім бязмежна ўдзячна, што яны мне і майму брату так давяраюць. Яны звыкліся з думкай, што я такая, што лётаю паўсюль і рызыкую. Але яны ўдзячны мне, што я з імі лічуся, папярэджваю. Што я адэкватная – можна так сказаць.
– А колькі грошаў трэба на горы?
– У межах паўсядзённых коштаў гэта не так страшна, хоць і не танна зусім. Арганізатар нічога не зарабляе, дарэчы. Ёсць агульны збор – 200 беларускіх рублёў (страхоўка, пропускі на мяжы, трансфер, грошы праважатаму і г.д.) Квіткі – 400 рублёў, грошы на харчаванне – 50 рублёў з кожнага, ну і нейкія грошы на месцы патрэбны. У мяне атрымалася сума каля 650-700 рублеў за ўсё. Нават студэнту за годзік назбіраць можна.
Рэальнае жыццё, шлях да роднай мовы ды беларускія стужачкі на вышыні
– Ведаю, што ты чалавек офлайна, што ты пра рэальнае жыццё. Ёсць моладзь, якая захапляецца не жыццем у смартфоне, і ты, здаецца, такая ж. Праўда?
– Напэўна. Я ніколі не чытаю, напрыклад, літаратуру на электронных носьбітах. Прынцыпова. Мне патрэбна папера, я павінна яе адчуваць. Калі чытаю кнігу, магу сесці вечарам і чытаць да раніцы, а то і да наступнага вечара. Так я "Овода" чытала, напрыклад. Электронная літаратура такая, што губляецца нейкая атмасфера кнігі – той жа пах кнігі. Мне патрэбны жывы кантакт.
– Асалода для мяне, скажу шчыра, што наша інтэрв’ю на роднай мове. Дык скажы, Насця, як ты прыйшла да яе? (наша гераіня размаўляе на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці – заўвага аўтара)
– Першыя спробы размаўляць на беларускай мове былі гадоў у адзінаццаць, можа. Прыходзіла ў краму і казала "дзякуй", "калі ласка". Пра мову ўвогуле я даведалася толькі ў школе, яна мне страшна не падабалася, я не разумела, чаму яе трэба вучыць. А потым яна сама стала патрохі да мяне падыходзіць. І вось, гадоў у пятнаццаць, я пачала слухаць "Ночных снайперов", і трапіла ў тусоўку полацкага рок-клуба, дзе пазнаёмілася з Ігарам Палынскім (на той момант журналістам "Саміт-ТВ"). Мы пасябравалі.
Я ведала, што ён размаўляе па-беларуску, таму камунікаваць з ім пачала адразу на ёй. Мне здавалася, што гэта крута і цалкам натуральна. І фактычна за некалькі дзён я перайшла з рускай мовы на беларускую, хоць у паўсядзённым жыцці я яе раней ніколі не ўжывала. Гэта стала такім звыклым, быццам так і трэба. Потым я пазнаёмілася з іншымі рабятамі – з гуртом "Варган", са Стасем Сілкам. Менавіта Ігар і яны ўсе навучылі мяне любіць Беларусь. Дзякуй ім за гэта вялікі.
У падлеткавым узросце я марыла з’ехаць адсюль. Думала, буду ў Піцеры, у медуніверсітэце вучыцца, там і застануся. Зараз – не. Менавіта Ігар сваім прыкладам адносінаў да краіны і горада навучыў мяне ставіцца да іх так, як я стаўлюся зараз. З павагай, з неверагоднай любоў’ю і пяшчотай. Як да дзіценка нават. Зараз я лічу, што беларуская мова – гэта тое, што трэба. Тое, што натхняе і дазваляе быць беларусам.
Фотаздымкамі падзялілася Настасся
– На маім любімым здымку з тваёй вандроўкі ты стаіш на вяршыні са стужачкамі ў руцэ. Нашымі, беларускімі. Эмацыйна так – слоў няма. Што за стужачкі ў цябе, чаму?
Калі ў нас былі зборы, яшчэ да падарожжа, мы гаварылі аб сцягах. Горныя турысты, альпіністы на вяршыні традыцыйна падымаюць сцягі. Мы вырашылі, што ніякі сцяг падымаць не будзем, бо ў кожнага сваё меркаванне і г.д. Але асабіста я пра сябе вырашыла, што буду весці беларускамоўны дзеннік і вазьму з сабой стужкі з беларускім арнаментам. З імі я ўвесь час: яны ў мяне на заплечніках, на гітары, паўсюль, карацей. Я лічу, што гэта сутнасць Беларусі. Гэта ніяк не адносіцца ні да дзяржавы, ні да палітыкі, ні да кіраўнікоў. Гэта маё, гэта я, мая свядомасць і мая краіна. А таму мне было важна, каб людзі ведалі, што на перавале Вольны вецер, на перавале Мао былі беларусы.
Чытайце таксама: «Оказалось, я того Полоцка и не видела раньше». Расспросили полочан о новом популярном увлечении – долгих прогулках через весь город