Главная > Новости > Интервью > Як гэта — быць беларускамоўным у Полацку і Наваполацку? Запыталіся ў Веры і Кастуся пра іх радасці і цяжкасці, звязаныя з мовай


Як гэта — быць беларускамоўным у Полацку і Наваполацку? Запыталіся ў Веры і Кастуся пра іх радасці і цяжкасці, звязаныя з мовай

16:40, 21.02.2021 5263 Источник: gorod214.by

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. 43,5% палачан і амаль 38% навапалачан падчас перапісу насельніцтва 2019 года назвалі роднай мовай беларускую. Мы запыталі ў беларускамоўных жыхароў горада — Веры і Кастуся — з якімі складанасцямі яны сутыкаюцца, ці разумеюць іх у грамадскіх установах і шмат пра што яшчэ.

— Як вы пачалі размаўляць на беларускай мове? З маленства ці гэта асабісты выбар?

ВЕРА

Я размаўляю на мове ўсё жыццё, з самага маленства. Але спачатку была не літаратурная мова, а дыялект. На літаратурнай мове размаўляю, мабыць, са студэнцкіх часоў.

photo_2021-02-20_14-28-13

Вера

КАСТУСЬ

Першыя спробы размаўляць па-беларуску былі ў старэйшых класах. Гэта было складана, бо асяроддзе  было рускамоўнае. Актыўна карыстацца беларускай мовай пачаў у часы ўніверсітэта. Тады мне было 18-19 гадоў. І прычын таму было шмат: сімпатыя да беларускай гісторыі і літаратуры, разуменне таго, што мы маем важны артэфакт, які можам страціць.

Канешне, паўплываў і юнацкі максімалізм, а таксама жаданне вылучацца. Таму напачатку карыстацца беларускай мовай падавалася місіяй. А цяпер гэта паўсядзённасць.

photo_2021-02-20_14-28-13 (3)

Кастусь

— На якой мове размаўляе ваша сям'я, блізкія і сябры? Як яны ставяцца да вашай беларускамоўнасці?

ВЕРА

Сям’я размаўляе на дыялекце. Калі я перайшла на больш чыстую мову, у сям’і гэта не выклікала ніякага здзіўлення, і тым болей не было непаразуменняў.

КАСТУСЬ

Мой бацька вясковы, таму карыстаецца як бы трасянкай, хутчэй нават рускай мовай з беларускай фанетыкай. А маці — руская, у Беларусь яна прыехала ў 30 гадоў. Тым не менш, мову яна ведае добра, чытае навіны на мове, слухае беларускую музыку, можна сказаць, праніклася культурай. Я бачу, што ў маці да мовы нават больш сантыменту, чым у бацькі.   

— Як да вас ставіліся ў школе і ВНУ? Ці лёгка зараз кантактаваць з калегамі на працы?

ВЕРА

Я вучылася ў сельскай школе на Расоншчыне. У нашай школе ўсе вучні размаўлялі на дыялекце. З тых, хто спрабаваў гаварыць па-руску, звычайна смяяліся.

Ва ўніверсітэце многія студэнты размаўлялі на беларускай мове. Тым больш, час майго студэнцтва быў спрыяльны для гэтага. Я паступала на віцебскі філфак ў 1992 годзе, таму яшчэ заспела перыяд беларусізацыі пачатку 1990-х гадоў. А зараз я працую я ў Полацкім музеі-запаведніку, тут роднай мовай карыстацца лёгка. Лёгка кантактаваць з калегамі, спадзяюся, што і ім са мной не складана.

КАСТУСЬ

Падчас навучання ў школе мовай карыстаўся пераважна на беларускамоўных занятках: гісторыі, геаграфіі, літаратуры. А ва ўніверсітэце было ўжо прасцей, бо вучыўся я на гістарычным факультэце ПДУ. Там нават пажадана карыстацца мовай.

Зараз я працую сам на сябе. З аднаго боку, я бачу, што ў прыватным сектары беларуская мова актыўна з’яўляецца ў рэкламе. А з другога, заўважаў, што пакуль большасць прадпрымальнікаў не гатовыя карыстацца мовай паўсядзённа. Я ў тым ліку, бо разумею, што карыстацца мовай у нашай сферы вельмі рызыкоўна, я магу быць наўпрост незразуметым. А яшчэ я адказны за працу і кліентаў перад напарнікам. Таму пакуль, кажу шчыра, эксперыментаваць у сферы працы я яшчэ не гатовы.   

— Як да вас адносяцца незнаёмыя людзі? Звяртаюць увагу?

ВЕРА

Часцей людзі ўспрымаюць беларускамоўнага чалавека з цікавасцю. Бывае нават і з залішнім энтузіязмам, напрыклад, прапаноўваюць абмеркаваць моўную праблему, калі на гэта ў цябе няма часу, ці зараз табе гэта нецікава. Ёсць і папулярныя пытанні: «Вы ў школе працуеце?», «Выкладаеце беларускую мову?».

Затое не прыпомню апошнім часам негатыўнай рэакцыі. Толькі ў студэнцтве быў выпадак. Нейкая бабулька на прыпынку, пачуўшы, што мы размаўляем па-беларуску паміж сабой, выказалася накшаталт «какой противный язык», мы, памятаю, толькі пасмяяліся, што «язык противный» у яе роце, і гэта яе асабістыя праблемы.

КАСТУСЬ    



Агрэсія сустракаецца вельмі рэдка, звычайна ад такіх людзей, якія маглі б праявіць агрэсію па любой іншай прычыне. А вось непаразуменні здараюцца рэгулярна, але гэта вырашаецца проста, літаральна парай сказаў.

Беларусы, нягледзячы на татальную рускамоўнасць, вельмі талерантна адносяцца да сваёй мовы, многія нават падтрымліваюць. Бывае, кажу нешта ў краме, а чалавек пачуе і пачынае мяне хваліць: «Вы такой молодец! И всем нам надо». Тады няёмка сябе адчуваеш, канешне, бо нічога ж такога не зрабіў.

— Ці лёгка карыстацца мовай у паўсядзённым жыцці? Ці разумеюць вас у крамах, паліклініках, банках і іншых месцах у горадзе?

ВЕРА

Не бачу ў гэтым ніякіх праблем. Калі нейкі чалавек просіць перакладу слова, не разумее сэнсу сказанага, то заўсёды можна патлумачыць. Аднойчы на пошце я папрасіла даць мне паштоўку. Дзяўчына, што працавала там, спытала: «Што гэта такое?».

Я тлумачу: «Гэта такі прамавугольны кавалак кардону, на якім з аднаго боку звычайна намаляваны кветкі, а на другім пішуцца віншаванні». І тады яна зразумела: «А! Открытка!». Я не давала дзяўчыне перакладу, бо яна яго не прасіла. Затое пасля тлумачэння слова, яна сама здагадалася, што я прашу.

photo_2021-02-20_14-28-13 (2)_1

Вера — працуе ў музеі

КАСТУСЬ

Калі чалавек аб’ектыўна мяне не разумее, ці я бачу, што яму было б прасцей гаварыць па-руску, то я лёгка пераходжу на рускую мову. Я не бачу ніякай праблемы, каб саступіць, пайсці насустрач. Мне ўвогуле падаецца, што я павінен ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага чалавека.

photo_2021-02-20_14-28-09

Кастусь — удзельнічаў у гурце Варган

— Ці часта вы сустракаеце ў нашым горадзе мову: подпісы, шыльды, беларускамоўных жыхароў?

ВЕРА

Намнога меней, чым гэта патрэбна, як гэта было б правільна. Назваў, канечне, не хапае. Затое сустракаюцца носьбіты мовы. Асабліва прыемна, калі сустракаеш незнаёмых людзей у краме, на вуліцы, і яны размаўляюць ці звяртаюцца да цябе па-беларуску.

КАСТУСЬ

Па шчырасці скажу, што не сустракаю такіх людзей на вуліцы. Але беларускамоўныя людзі ў нашым горадзе, канешне, ёсць. Большасць маіх сяброў карыстаюцца менавіта мовай. І гэта нармальна, што людзі фарміруюць сваё асяроддзе з блізкіх па светапоглядзе людзей. У мяне менавіта такая сітуацыя.

А што датычыцца подпісаў, то іх, аб’ектыўна, не хапае, іх вельмі мала. Убачыць беларускую мову на шыльдзе, гэта хутчэй будзе нешта вузкаарыентаванае, альбо нейкая крама сувеніраў, альбо нейкі бар з прэтэнзіяй на этнастыль.

— Што пажадаеце людзям, якія хочуць карыстацца мовай, але хвалююцца?

ВЕРА

Некаторыя ўспрымаюць беларускую мову як святочнае адзенне, якое павінна быць ідэальна чыстым, якое берагуць, а жыццё тым часам праходзіць. У той час за свае памылкі ў рускай мове людзям чамусьці не сорамна. Калі чалавек мае жаданне карыстацца мовай, то не трэба зважаць і думаць, як гэта ацэняць другія людзі. Проста карыстайцеся ёй, і ўсё.

Калі цяжка адразу перайсці на беларускую мову, дык размаўляйце хоць бы і на трасянцы. Паспрабуйце дадаваць хоць па аднаму беларускаму слову ў дзень, самі не заўважыце, як лёгка ў вас атрымаецца.

КАСТУСЬ

Трэба мець разуменне, навошта ты гэта робіш, і мець сур’ёзную матывацыю. Думаць не толькі пра тое, што гэта цябе вылучыць (хаця гэта таксама добрая матывацыя, асабліва ў юнацтве). Бо быць беларускамоўным чалавекам у нашым грамадстве — значыць не толькі набываць нешта, але і страчваць. Таму трэба разумець дзеля чаго, каб не расчаравацца.

Чытайце таксамаЛампавы вечар з вершамі і музыкай: у Полацку адзначаць Дзень роднай мовы

«Танцы над горадам» і «Песня Дзвіны»: топ-10 кніг пра Полацк і палачанаў, якія варта прачытаць

«Чырвоная школа» ў полацкіх Грамах: распавядаем пра загадкавы будынак на Чыгуначнай вуліцы (Фотаздымкі)

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: Віталь Уладзіміравіч




Не вижу код